Склад нашай экспэдыцыі такі: Зьмітро Халімонавіч Прышчэпаў і я. На ст. Урэчча нас чакае любаньскі катафалк (у любаньскім РВК чамусьці завуць яго «брычка»), мы ўзлазім на катафалк і важна грымім са станцыі пад пачцівымі і злоснымі поглядамі мясцовых рамізьнікаў.
Пачынаюцца назіраньні і ўражаньні.
Мы едзем.
Мы едзем з поўначы на поўдзень па Любаньскаму раёну Бабруйскае акругі. Гэта мясцовасьць, складаўшая акрайную частку ранейшай Случчыны, злучыла ў сабе вольную шырыню слуцкіх стэпаў з бабруйскім бясплодзьдзем і беднасьцю. Спачатку вабіць, узьнімае настрой гэтая лёгкая шырыня, гэты роўны разгон бязьмежных палёў, дзе-ні-дзе перарваны толькі невялічкімі пералескамі (у сьветлай празрыстасьці восені асаблівую радасьць абуджаюць адкрытыя бязьлесныя далі), а потым прыглядаешся, прывыкаеш, і ў вочы ўбівасцца іншае: бачыш убогую пескаватую глебу, бачыш сьляды мізэрных ура-