Старонка:Пан Сурынта (1930).pdf/17

Гэта старонка не была вычытаная

Ганна (да Янука). Ды ня сёрбай ты так, а то яшчэ мяне ў сваю мяліцу ўцягнеш! (Усе рагочуць).

Параска. У яго рот, як торба!

Ганна. І стварыў-жа бог такую недарэку!..

Янук. Ну, годзе, годзе, а то сухім хлебам падавішся!..

Ганна. Ня бойся, не падаўлюся! (Папярхнулася, усе рагочуць).

Янук (стукнуўшы ёй у карак). Ну, глытай! глытай!

Параска (да Агаты, якая сядзела паводдаль і ня ела). Агата! хадзі да нас, укусі трохі парабчанскай долі!..

Ганна. Будзе яна есьці хлеб з жарствою?!.

Бутрым. Яна нядаўна з панам каравай ела!

Параска. Хадзі, Агата, ды раскажы, як ты з панам стол дзяліла!.. (Усе рагочуць).

Агата. Ды кіньце вы жарты з гэтага строіць!..

Прыйшоў Віцька.

Параска. Віцька, дзе ты бадзяешся?..

Віцька. Занудзілася?..

Параска. Мы хочам ведаць!..

Віцька. У лесе на прывольлі быў!.. Слухаў, пра што шапацелі дрэвы…

Бутрым. Во, чула!

Параска. Абы час змарнаваць!

Ганна. Разгультаіўся, хлапец!

Аксіньня. А табе што?