Старонка:Пан Сурынта (1930).pdf/30

Гэта старонка не была вычытаная

Сурынта. А ў цябе што з ім? (Пауза). Любіш яго? (Яшчэ мацней). Любіш яго? (Кася кіўнула галавою). Хадзем за мною! (Пайшоў, а Кася за ім).

Віцька (як яны пайшлі, выскачыў з-за куста). Гэх ты, пракляты!.. З-пад рук узяў! Ну, што-ж цяпер рабіць?! Уся кроў узбурана… дагнаць-бы ды прасадзіць нажом!.. Н-не… пачакаю, сьцішся маё сэрца, будуць і нашыя дні радасьці! (Убачыў, што бяжыць аканом). Во, яшчэ адзін каршун сьпяшаецца сюды, спажыву чуе! А ну набок! (Схаваўся зноў за куст).

Прыйшоў аканом.

Аканом. Эге-ге! Працаваць перасталі!.. Сонца над лесам, а яны так сабе!.. Чакайце-ж вы ў мяне, гультаі!.. Я вам дам!.. І новенькая парабчанка таксама зьнікла, а важная дзяўчынка! Душу ўсю маю ўскалыхнула, так перад вачыма і стаіць!.. Гэх, хоць-бы пан Сурынта да сябе яе не прыгарнуў, але не!.. Я трупам лягу, а яна будзе маею!.. (Віцька ціха выйшаў з-за куста і стукнуў яму па плячы, аканом аж сеў).

Аканом (убачыўшы яго). Гэта што яшчэ?

Віцька. Цыц, а то ў зямлю уганю!..

Аканом (ласкава, не ўстаючы). Браток, за што-ж?..

Віцька. Уставай, паскуда! (Хапіў яго за карк і паставіў на ногі).

Віцька. Ты з кім тут гаварыў?

Аканом. Гэта я з ветрам!..