Старонка:Пан Сурынта (1930).pdf/43

Гэта старонка не была вычытаная

Сурынта. А што яны брахалі?

Трызна. Браток дай спосаб мне ўспомніць маладосьць! Хутчэй вызнач мне дзяўчыну!..

Гарбарын. Мінтрэжыцца ўся мая істота!..

Сурынта. Хвілінку пачакайце!.. (Да музыкаў). Што-ж брахалі?

1 музыка. Ля царквы сёньня казалі людзі, што быццам-бы той Віцька-парабак за атамана ў гайдамакаў!

Трызна. Царыца неба, што я чую?!.

Гарбарын. Гэта навіна!..

Сурынта. А што яшчэ?..

1 музыка. Войска нібыта ў яго і ня зьлічыць!..

Трызна. Да іх маіх падданых 28 уцякло!

Гарбарын. А маіх 35!

Сурынта. А раней казалі людзі, быццам-бы ён акалеў і косьці дзікія зьвяры па сьвеце разьнесьлі?..

1 музыка. А мо’ і так!..

Гарбарын. Мяне ўжо і непакоіць!.. Ня так даўно маёнтак пана Сьвіды з дымам паляцеў! Напэўна ад рукі яго!..

Трызна. Вечны пакой, і пан Замойскі лёг ад яго рукі!

Сурынта. Зараз будзем ведаць! Музыкі, выйдзіце, паклічце аканома! (Музыкі выйшлі).

Трызна. Вось табе і парабак!

Гарбарын. У, злыдзень!..

Убягае аканом.