Старонка:Пан Сурынта (1930).pdf/51

Гэта старонка не была вычытаная

I казак. Давай загад, зноў пойдзем гуляць!..

III казак. Ня гуляць, а Агату трэба адшукаць!.. Нябось, уланы захапілі!.. Да сёньня так і няма!..

Віцька. Не клапаціся пра Агату!.. Весткі ёсьць: сягоньня ці заўтра вернецца!..

III казак. Ой, рызыка вялікая бабе даручаць справы выведаў!..

Віцька. Баба хітрэй ад чорта!

I казак. Нездарма кажуць, дзе чорт ня возьме, баба справіцца…

Віцька (да татарына). Кучум! Скажы там вартавым, каб прывялі нам на допыт панскага слугу! (Татарын пайшоў).

II казак. Пашто яго яшчэ пытаць!.. Скажы Кучуму — ён адразу-ж адашле душу сабакі ў рай!

Віцька. На ўсё свой час!

I казак. Раней паслухаем, аб чым забрэша рыжы цюцька!..

IV казак. Ну вось ён!

Прыйшлі татарын і аканом са зьвязанымі рукамі.

Віцька. Давай сюды!.. Паслухаем, што добрага раскажа слуга верны пана Сурынты!..

Аканом. Каб ён так дыхаў, як я яму быў верны!

Віцька. Разьвязаць!

Аканом (як разьвязалі). Пану атаману і ўсяму вольнаму кругу добрага здаровейка!

I казак. Руку! (Аканом сунуўся быў падаць руку, але казак узяў яго за карк і адвёў. Агульны рогат).