Старонка:Паэмы (Бядуля, 1927).pdf/24

Гэта старонка не была вычытаная

Войкалі у неба,
Высунуўшы ўверх страшныя языкі,
Якія чадзілі яскрава-чорным
Дымам пэргамін вышыні,
Плявалі ў перламутравы, аблочны
Трон нябёснага, царкоўнага тырана.
Хрыплым, гнеўным выкрыкам
Цьвёрдых і магутных мазалёў
Рабочых стагналі фабрыкі.
Дрыжы, банкір і фабрыкант!
Свае хаўтуры чуеш ў гуку фабрык!
У бэтонных курганох
Навекі ты засьнеш.
Дрыжы!
Музыка, шампанскае, блудніцы.
І блеск кафэ-шантанаў
Хай ліжуць твой распусны мозг,
Зацемраны францускаю хваробай.
У сутарэньні сядзіць галодны твой нявольнік, —
У лахмоцьцях увесь,
З маланкай цёмнаю ў вачох,
З пракляцьцем у душы,
З матаршчынай на губах,
З сталёвым гартам у руках,
Ён сатрэ цябе з зямлі,
Ён створыць новае жыцьцё.

Янка на ліцейным доўга працаваў.
На тайных сходках часта ён бываў,
Там грамаце студэнты навучылі.
Паразумнеў, чытаў шмат кніг.
Шырокі, вольны, сонечны абшар
Горда думкі засьвяціў.
Вайна і Рэволюцыя.
І Янка добра ведаў,
Што такое пан-багатыр
І што рабочы і мужык.
Гардзіцца ён пачаў,
Што належыць да тэй сям‘і людзкой,
Дзе „костка чорная“ пакрыта
Мазалямі творчай працы;
Да тэй сям‘і вялікай, братняй
На ўсім сьвеце,
Якая будучыну, шчасьце для людзей
З жалезнай сілай рве з рук,
Пагніўшай і аджыўшай век свой