Старонка:Паэмы (Бядуля, 1927).pdf/37

Гэта старонка не была вычытаная

— Янка…
Уздрыгануўся ён.
Знаёмы голас.
Па нэрвах электрычнасьць праскачыла.
— Марына…
— Я…
З-пад шырокага капялюха
Дзяўчына на яго скасіла вочы.
Яна — і не яна…
З вачэй, калісь прыводзіўшых яго
У трапятаньне шчасьця,
Цяпер іграла похаць,
Бессаромлівасьць…
Губы нафарбаваныя былі,
Як надрэз на сыром мясе
Выглядалі…
— Якім чынам ты ў Менску апынулась?
Чаму з панамі не ўцякала?
— Ой, ня пытайся, Янка.
Жаўнеры польскія усё ў мяне
Забралі ў Менску на вакзале,
Адна я засталася.
Знаёмага ксяндза сустрэла.
Паехалі мы з ім ў Расію.
Дзівацкі быў той ксёндз.
Ён „маткай боскаю“ мяне назваў,
У белае мяне ён апранаў,
Маліўся на каленах прада мною
Кожны дзень.
А у вачох яго агонь гарэў брыдкі.
А раз у час малітвы,
Як зьвер, ён на мяне накінуўся,
Зваліў на ложка.
З тых часоў я жонкаю яго была.
О, подлы і паганы ксёндз!
Саромлюсь і цяпер я расказаць,
Што вытвараў ён нада мной.
Ня вытрымала я.
Кінула ксяндза.
Да працы ня прывыкла.
І вось другі ўжо год
Як сваім целам
Гандляваць пачала.
Ідзём са мной…
Ня хочаш?..
Дай на кокаін!