Старонка:Паэмы (Бядуля, 1927).pdf/43

Гэта старонка не была вычытаная

Забарыкадзіўся Парыж
Між стромкакаменных абшараў.
Дрыжаў багач, разбойны крыж
Ад слаўных дзеяў Комунараў.

А каты дзікія прышлі, —
Дзяцей, жанок, старых скрамсалі.
Рабочых тысячы ляглі…
О, ганьба вечная Вэрсалю!

Ты задушыў тады Акцябр
Рукой разбойніцкай, крывавай.
За вольніцу спрадвечны раб
Аддаў жыцьцё сваё на славу.

На ўзвыш Бастыліі наш Крэмль
Шалом чырвоны ўміг насуне,
Абшары волі заарэ
Для праўнукаў старой Комуны.

Ленскі расстрэл

(4 (12) красавіка 1912 г.)

Яшчэ адну крывавую расправу
Нарыхтавалі золата багі,
Стагнала стогнам дзікая дубрава,
Пужалі Лену водгукі з тайгі.
Замест яды, рабочым кулі далі;
Было забіта ў лесе да трохсот.
На сытны пір ваўкі прымчалі з даляў,
А крумкачы кагцістыя — з высот.
Дрыжалі з страху ціхія алені,
Ў палацах пышных п‘янстваваў тыран.
Шумелі сумна хвалі срэбнай Лены,
Насілі скаргу ў вольны акіян.
Гэй, разгуляйся, бура, на прасторы,
Дрыжы, увесь сьвет, ад гучных навальніц! —
Паўстаў рабочы грозны, нібы мора,
Пажар сьцягоў, як водблескі зарніц.

Першае Мая

І Май каштуе шмат ахвяр народам,
І ён крывёй працоўнага ахрышчан,
І ён зазорыць людзям з роду ў роды,
І ён акрылен сьцягамі з агнішчаў