Старонка:Паэмы (Бядуля, 1927).pdf/99

Гэта старонка не была вычытаная

„Таго шчасьця няма ў ратаёў пры жыцьці, —
Яго мае кароль і нявольнік;
Яго можа багаты і бедны знайсьці,
Грозны пан і палескі бяздольнік“.

„Гэта сьмерць, гэта сьмерць…“ — кажуць людзі кругом —
„Адыйдзі-жа! акыш! мы ня хочам!“
А Паморак стаіць, як той цень над агнём,
Вокам зіркае, штосьці шапоча.

Расплятаюць тады бабы косы свае
І скідаюць апраткі да гола;
Грамада голых баб шумна песьні пяе,
Аб‘яжджае сахой вакол сёлаў.

І равок-баразна мае моць, як ніхто, —
Сьмерць яго не пяройдзе ніколі.
Дзед-Паморак злуе, ажна плакаць гатоў,
Ходзіць-бродзіць па чыстым па полі.

16. Паляшук пляжыць лес і выкарчоўвае балота

Шуміць бор векавы. Лясун гойкае — страх,
Ён тут пан-уладар сярод пушчы.
Паляшук пляжыць лес. Стук і стук, трах і трах,
Толькі пошчакі граюць у гушчы.

Кружыць Чорт секача. Не баіцца мужык, —
Дзераўлякі ён лысіць сякеркай;
Не заблудзіцца ён, бо да лесу прывык,
Як да сьвіткі сваёй, да магеркі

Валіць хвою і дуб, для будоўлі кладзе,
Чысьціць лапікла, шчыра карчуе;
Сее збожжа, арэ, бараною вядзе
І бяды за сабою ня чуе.

Жыта жнуць і пяюць, урадзіла зямля,
Жнеям ладзіць дажынкі араты.
Рэчка грае, бурліць; мёдам пахне ральля,
Сонце грэе вясковыя хаты

Хаты лезуць у лес усё глыбей і глыбей,
Лясуна і нячысьціка грабяць.