——— 25 ———
І любіць-жа ён гэтых людзей, сусім неяк ня так, як мы іх любім. Гэта-ж трэба ведаць, столькі мой тата на яго ўсякай дарэмшчыны нагаварыў і ачарніў, а ён — хоць-бы што. „Ведама, кажа, чалавек: яму нешта абышло, ці не спадабалася, дык і памстуе. У нас, каж, усё ідзе ня так, як трэба. Людзі, кажа, у нас, як зьвяры: адзін на другога кідаюцца, адзін другога цкуюць, пад’юджываюць, ненавідзяць адзін другога. З малку дзён, кажа, прывыкаюць у ненавісьці жыць, з малку дзён іх к гэтаму вучаць і дома і за домам. Сьляпыя, кажа, усе сьляпыя. Адзін над другім ня маюць ніякай літасьці, хоць усіх душаць зьверху ўсялякія пошасьці ды злыдні“.
АГАТА. Чула я, чула аб ім ня раз. Вельмі ўжо, кажуць, тудэма-сюдема, разумны і добры ён.
ПАЎЛІНКА (ажывіўшыся). А што-ж, ці ня праўда? І ўсё-б было добра, каб ня гэты тата. Хоць няма ведама, што рабі з ім.
АГАТА. Трэба, дзеткі, пачакаць, ану-ж, тудэма-сюдэма, ліха перамелецца і ўсё добра будзе.
ПАЎЛІНКА. Трэці год, цётачка, чакаем і нічога ня выходзе. Тэці год трасуся і выглядаю тэй часінкі, каб толькі з ім пабачыцца. Павешуся, цётачка, павешуся, калі мяне з ім разлучаць.
АГАТА (хрысьцячыся). Мёйца, Сына! Тудэма-сюдэма, што ты, Паўлінка? Пабойся Бога гэткія рэчы гаварыць напроць ночы! Цьфу, цьфу! Матачка Найсьвентшая!
ПАЎЛІНКА (паказываючы). Калі тут, цётачка, пад сэрцам так баліць, так баліць, што і жыць не ў магату. Такі ён міленькі, такі прыгожанькі. такі паслухмяны... (Загледзеўшыся ўдаль). Калі яшчэ з татам былі яны добра, прыйдзе, бывала, вады за мяне прынясе, дрэўкі нашчапае. Не гля-