——— 29 ———
а то казаў ён, што на кірмаш не паедзе, калі будзе дождж ісьці.
ПАЎЛІНКА. Ліха ня возьме! Гэткі цукер не размокне.
СЬЦЯПАН. Каханэнькая-родненькая, як скажу, так і будзе; дзьве дзюркі ў носе і скончылося. Вось толькі трэба даведацца, ці будзе напэўна заўтра пагода. Купіў я сягоньня календар — нейкі беларускі, як кажа крамнік. Пытаўся ў яго, ці піша аб пагодзе, дык крамнік гавора мне, што аб пагодзе напісана ў ім болей, як аб чым другім. Значыцца, паглядзім праўды. (Ідзе і дастае з-за абраза календар, адкуль валіцца на зямлю фатаграфія. Паўлінка, саскочыўшы з ложка, падбягае падняць яе, але не ўсьпявае).
СЬЦЯПАН (падымаючы фатаграфію). А гэта што такое?
ПАЎЛІНКА (хочучы адабраць). Гэта маё. Аддайце мне, тата!
СЬЦЯПАН. Я пытаюся — хто гэта?
ПАЎЛІНКА. Ці-ж тата ня бачыце?
СЬЦЯПАН (са злоснай насьмешкай). Ха-ха-ха! Якім… Хай-жа ён прападзе саўсім. (Хоча рваць, Паўлінка адбірае).
ПАЎЛІНКА (скрозь сьлёзы). Аддайце, татачка, аддайце, ня рвеце! Ня зьдзекавайцеся над ім.
СЬЦЯПАН (адпіргнуўшы ад сябе Паўлінку). Адчапіся ад мяне, гіцлёўка. Я вам тут наразводжу шашняў… (Стукат у сенцах. Уваходяць Пранцісь, Агата, а за імі — Альжбета. Паўлінка стаіць патупіўшыся, глытаючы сьлёзы, і скубець пальцамі фартух).