Старонка:Паўлінка (1927).pdf/37

Гэта старонка была вычытаная

——— 35 ———

глядзі. Дзьве дзюркі ў носе, і скончылося. (Нейкую хвіліну ціха. Паўлінка падходзе браць шклянкі, але ўсе адказываюцца).

АЛЬЖБЕТА. Што-ж, выбачайце, госьцікі! Не хацелі піць і есьці, пасьля самі будзеце жалець.

СЬЦЯПАН. Выбачайце, выбачайце, каханенькія-родненькія, адно не скажэце, што ўсяго было ўдаволь, толькі прынукі ня было.

КОЛЬКІ ГАЛАСОЎ (устаючы з-за стала). Дзякуем, дзякуем, пану гаспадару і пані гаспадыні. Падмацаваліся, хвала Богу, як лепей ня трэба.

ПАЎЛІНКА (ўстаючы з ложка). Проша паненак сюды прысесьці, а паны-кавалеры вазьмеце сабе табурэцікі, ды вось тут падсядзьце, а я тым часам пачастую гарбатай нашых музыкаў.

СЬЦЯПАН і АЛЬЖБЕТА (вылазячы з-за стала). А як-жа — трэба, трэба! (Дзяўчаты садзяцца на ложку, хлопцы каля іх — на табурэтах жартуюць між сабой).

АЛЬЖБЕТА (падходзячы к музыкам). Хадзеце, міленькія, вып’еце са шкляначку гарбаты.

МУЗЫКІ. Дзякуем пані. Мы ўжо сягоньня пілі.

АЛЬЖБЕТА. Мала што калі было, а цяпер трэба яшчэ падмацавацца. (Забірае інструмэнты і кладзе іх на куфар, садзіць музыкаў за стол і сама садзіцца. Да Паўлінкі). А ты, дзеткі, налі музыкам гарбаты!

СЬЦЯПАН (закурываючы люльку). Выбачайце толькі, каханенькія-родненькія, што гарэлкі няма.

МУЗЫКІ. І бяз гэтых кропэль будзем жывы. (Чуваць стукат у сенцах).