——— 46 ———
ПАЎЛІНКА. Дык і сьпяём, калі пан Адольф такі някемкі, што нават жартаў не разумее. (У старану). Эх, скарэй-бы ўсё гэта кончылася!
АДЗІН З ГАСЬЦЕЙ. А такі-ж сьпяём, і ўсе разам.
ПАЎЛІНКА (да Адольфа хітравата). А пан Адольф нам паможа?
АДОЛЬФ. Ані думаў.
КОЛЬКІ ГАЛАСОЎ. А што мы сьпяём?
ПАЎЛІНКА. „Дый куды-ж ты, дуб зялёны, пахінаешся?...“
АДОЛЬФ. Фі, мужыцкая!
ПАЎЛІНКА. А пан Адольф можа-б хацеў, каб завялі якога манчыза?!
ПРАНЦІСЬ. Собственно, вось-цо-да, калі такой панскай натуры, дык пазатыкай кудзеляй вушы, пане добрудзею.
СЬЦЯПАН (да Пранціся, сьціха). Каханенькі-родненькі, ня кратайце яго! Ён, бачыш, як я ўжо і казаў, масьціцца к маей Паўлінцы. Як будзеш яму наругацца, дык гатоў яшчэ адбіцца, а я яго стараюся прыручыць.
ПАЎЛІНКА. Ну, дык што? — згода на гэту?
КОЛЬКІ ГАЛАСОЎ. Згода, згода!! А пасьля другую.
ПАЎЛІНКА. Толькі ня зьбівацца з толку. Глядзець, як я буду рукамі тахты адбіваць.
КОЛЬКІ ГАЛАСОЎ. Добра, добра!
(Пяюць. Паўлінка, сумна ўсьмяхаючыся, дырыгуе. Пасьля і Пранцісь падходзе і фляжкай адмахівае тахты; музыкі такжа сваей ігрой памагаюць).
Дый куды-ж ты, дуб зялёны,
Пахінаешся?
Дый чаго-ж ты, мой міленькі,
Задумляешся?