каля дзьвярэй; ці мо‘ бандыты, каб спалох узьняць нечакана, палягчыць сабе магчымасьць уцячы.
Потым ужо ў пакоях пашла страляніна. Тлум, замятня… А праз колькі хвілін асьвяціўся дом сьвятлом няроўным, дрыжачым; з вакон косы віхрыстыя заскакалі па кустох палісадніку.
Гэта Аснач рабіў вобыск па дому. Замест лямпы з паперы зрабіў нібы факелы і асьвятляў імі пакоі.
Доўга не аставаліся ў доме. Аснач хутка сабраў сваіх хлопцаў.
— У вёску, усе… Пільна сачыць за бандытамі… Рукі скруціць… як мае быць… Марш!..
Пасунуліся няроўнай чарадой па цёмнай дарозе.
У невялічкай вёсцы — вярсты тры ад фольварку — спыніліся. Там мусілі начаваць.
Разышліся па хатах, а забраных бандытаў стоўпілі ў адзін з сялянскіх сьвірнаў. Да іх варту прыставілі. Толькі правадыра іхнага павёў з сабой чамусьці Аснач. Двое чырвонаармейцаў яго вартавалі, трымалі нарыхтаваныя стрэльбы.
Увашлі ў сялянскую хату. Аснач сеў адразу за стол, задумаўся, паклаўшы твар на далоні. Усе маўчалі. Толькі гаспадар з гаспадыняй нешта шапталі ўцішку. З цікаўствам