лідору — так сьвірэпна ды сур’ёзна глядзеў на ўсіх — што… не адважылася…
— Proszę do sali! аб’явіў нейкі панок у куртцы з гузікамі, адчыняючы дзьверы.
Мар’я ўвайшла за другімі. Спынілася ля гэтага пана з гузікамі, думала распытаць яго:
— Чыноўнік-жа судовы як відаць… ведае.
Але і той, як і паліцыянт, а мо’ і болей яшчэ — такі меў надуты ды важны выгляд.
А яна — абвінавачаная…
Села ціханька у кутку. Дрыжыка працяла…
— Sąd idzie! proszę wstać! абвесьціў пан з гузікамі.
Заля ўздрыганула, ўстала як адзін чалавек.
Пачаўся разбор справаў.
У той самы дзень Суд, паміж іншымі справамі, меў справу нейкага Мордуха Перніка таксама з Мар’ей Балаш. Але ня нашай, другой нейкай. Справа йшла аб эксмісіі (высяленьні з кватэры). Гэтая справа пайшла аднэй з першых. Але Пернік з сваёй Мар’ей памірыліся да Суду. І, па нарадзе адваката — рашылі не зьяўляцца на Суд:
— Хай справу спыняюць! дагаварыліся яны.
— Sprawa z powództwa Piermika przeciwko Marji Bałasz o eksmisję! аб’яўляе Судзьдзя. Morduch Piernik i Marja Bałasz! вызывае Судзьзя.
— Мар’я Балаш… гэта я… ўздрыганула нашая кабеціна.