Старонка:Першая беларуская паэтэса (Клімковіч).pdf/18

Гэта старонка не была вычытаная

Вайна, безумоўна, перашкодзіла цётцы разгарнуць тыя паэтычныя магчымасці, якімі валодала паэтэса, а раптоўная смерць на пасту адданага служэння народу (Цётка, будучы медычнай сястрой у шпіталі, заразілася тыфам і памерла 5 лютага 1916 года) дачасна абарвала жыццё. Толькі адзін год не дачакалася цётка да таго часу, які здзейсніў-бы мару яе жыцця: убачыць звяржэнне самаўладства і пачатак вольнага жыцця народа, які яна любіла ўсім сваім палымнеючым сэрцам.

Невялікая па колькасці літаратурная спадчына Цёткі мае вялікае значэнне ў дакастрычніцкай беларускай літаратуры. Цётка ўзбагаціла беларускую літаратуру новай тэматыкай, дала мастацкае адлюстраванне рэволюцыі 1905 года, пры гэтым яе творчасць пашырала беларускую літаратуру за этнаграфічныя межы Беларусі, у большай, чымся ў другіх пісьменнікаў, меры звязвала беларускую літаратуру з жыватворчымі крыніцамі брацкай рускай літаратуры. Яна была першым паэтам, у творчасці якога загучэлі і грамовыя раскаты революцыі і цёплая жаночая лірычнасць. Яна была сапраўдным паэтам-рэалістам, які спалучыў рэалізм з рэволюцыйнай рамантыкай, паказаўшы сябе непараўнальным майстрам таго і другога. Яна прадоўжыла і развіла традыцыю Багушэвіча ў скарыстанні народнай лексікі, народных вобразаў у літаратурнай творчасці пісьменніка, пракладаючы гэтым далейшы шлях для ўзбагачэння і развіцця літаратурнай мовы. Яна была палымянным патрыётам свайго народу, без нацыяналістычнай абмежаванасці і вузкага этнаграфізма, і мае права быць пастаўленай, як актыўны рэволюцыйны дзеяч у першай народнай рэволюцыі на Беларусі, поруч з Янкам Купалам і Якубам Коласам.

Усё гэта робіць большасць твораў Цёткі нашай класічнай спадчынай, вартай дасканалага вывучэння не толькі ў разрэзе гісторыі беларускай літаратуры, але і ў разрэзе гісторыі літаратур народаў СССР.