Старонка:Першая навука Закону Божага (1936).pdf/112

Гэта старонка не была вычытаная

Тады занепакоеныя вучні кажуць Іісусу: «Месца тут бязьлюднае, а час позьні: адпусьці народ, каб ён мог пайсьці ў блізкія вёскі пераначаваць і купіць сабе хлеба». На гэта Гасподзь адказаў вучням: «Вы дайце ім есьці». Вучні сказалі: „У нас тут толькі пяць хлебаў і дзьве рыбы, але-ж што гэта для такога мноства людзей!“ Тады Іісус Хрыстос загадаў вучням рассадзіць народ на траве радамі па 50 і 100 чалавек і падрахаваць усіх. І зрабілі так, і рассадзілі ўсіх. Аказалася блізка пяцёх тысячаў людзей, не лічучы жанчын і дзяцей. Калі ўсе селі, Гасподзь узяў пяць хлебаў і дзьве рыбы, і паўзіраўшыся ў неба, багаславіў іх, паламаў і даў вучням, каб раздалі народу. І елі ўсе людзі і насыціліся, і яшчэ вучні сабралі недаедкаў 12 поўных кашоў (карабоў).
Людзі, захопленыя чудам, якое стварыў Іісус Хрыстос, гаварылі: „Гэта ўзапраўды Той Прарок, Які павінен прыйсьці ў сьвет“. Даведаўшыся, што яны хочуць прыйсьці, неўспадзеўкі ўзяць Яго і абвясьціць царом, Іісус Хрыстос адаслаў ад Сябе Апосталаў і адыйшоўся на гару адзін, каб памаліцца.

Прэабражэньне Іісуса Хрыста на гары Фавор.

Вучні Хрыстовы не маглі дапусьціць і думкі, што іх Вучыцель можа няслаўна памерці на храсту. Яны яшчэ не разумелі тайны збаўленьня роду чалавечага праз Сына Божага, пасланага на зямлю. Яшчэ не выяўлена была прад імі Боская вялікасьць Іісуса Хрыста. Таму патрэбны быў асаблівы знак, каб паглыбіць і ўзмацаваць іх веру. Такі знак і быў дадзены Апосталам незадоўга перад хрэснымі мукамі Госпада.
Іісус Хрыстос узяў з Сабою трох найбліжшых вучняў Сваіх — Пятра, Якава і Іоанна, пайшоў з імі на гару Фавор і там пачаў маліцца. Калі Іісус Хрыстос маліўся, вучні Яго змораныя заснулі. Прачнуўшыся,