Старонка:Першая навука Закону Божага (1936).pdf/116

Гэта старонка не была вычытаная

адказаў: «Калі Майсея і прарокаў ня слухаюць, дык хоць-бы хто з мёртвых уваскрос, не павераць».

Прытча аб мытару і фарысэі.

Фарысэй і мытар увайшлі ў царкву памаліцца. Фарысэй, стоячы наперадзе, каб усе яго бачылі, маліўся гэтак: „Божа! дзякую Табе, што я не такі, як іншыя людзі: зьдзірцы, крыўдзіцелі, чужаложцы, або як гэты мытар“. А мытар, стаўшы здалёк, не адважваўся нават падняць вачэй на неба, але б’ючы сябе ў грудзі, гаварыў: „Божа! будзь міласьцівы да мяне грэшнага“.
Бог прыймае толькі малітву шчырую, якая йдзе ад сэрца. Вось чаму Хрыстос і кажа: „Мытар пайшоў апраўданым хутчэй, чымся той, бо ўсякі, хто сябе вывышшае, будзе паніжаны, а паніжаючы сябе ўзвысіцца“. Мы не павінны, як той фарысэй выхваляцца сваімі добрымі паступкамі, сваёю праведнасьцю і пагарджаць іншымі людзьмі. Фарысэі ўсё рабілі напаказ, — лічылі, што яны лепшыя і сьвяцейшыя за ўсіх людзей. Наадварот, мытары лічыліся ў грамадзянстве вялікімі грэшнікамі (падчас зьбіраньня падаткаў часта крыўдзілі народ), тым часам вось гэты, эвангельскі, аказваецца ў вачох Божых больш апраўданым, чымся фарысэй.

Багаславеньне дзяцей.

Аднаго разу, калі Іісус Хрыстос вучыў народ, да Яго праціскаліся праз натоўп жанчыны з дзяцьмі, каб Ён дакрануўся да іх і ўсклаў на іх рукі. Вучні Яго, бачачы гэта, забаранялі ім, каб дзеці ня трывожылі Госпада. Але Ісус Хрыстос абурыўся на вучняў і, паклікаўшы дзяцей, сказаў: „Пусьцеце дзяцей прыходзіць да Мяне, і не забараняйце ім, бо гэткіх ёсьць Царства Божае. Запраўды кажу вам: хто ня прыйме Царства Божага, як дзіця, той не ўвайдзе ў яго“. І абняўшы іх, усклаў на іх рукі і багаславіў іх.
За што дзеці заслужылі ласку Госпада і абяцаньне Царства Божага? Толькі за свае чыстыя, беззаганыя сэрцы. І ўсякі, хто шукае Царства Божага, павінен мець, падобна да дзяцей, чыстае, незласьлівае сэрца.