Старонка:Першая навука Закону Божага (1936).pdf/117

Гэта старонка не была вычытаная

Уваскрашэньне Лазара.

Набліжаўся час, калі Хрысту Спасіцелю трэба было адпакутаваць, памерці і ўваскроснуць. Дзеля гэтага пашоў Ён у Ерусалім.

Недалёка ад Ерусаліму была вёска Віфанія, дзе жылі Лазар і сёстры яго Марфа і Марыя. Хрыстос любіў гэтую багабойную сям’ю і часта яе адведваў.

Кіруючыся ў Ерусалім, Іісус Хрыстос павінен быў праходзіць цераз гэтую вёску. Далёка яшчэ быў Ён ад яе, як моцца захварэў Лазар. Сёстры яго, даведавшыся, што Гасподзь ідзе ў Ерусалім, паслалі сказаць Яму аб хваробе Лазара. Яны спадзяваліся, што Хрыстос пасьпяшыць вылечыць іх брата. Пачуўшы, аднак, ад пасланцоў, што Лазар хворы, Гасподзь ня толькі не пасьпяшыў да яго, але сумысьля застаўся два дні ў тым месцы, дзе знаходзіўся. Цераз два дні Гасподзь сказаў Апосталам: „Лазар памёр; пойдзем да яго!“

Калі Гасподзь з Апосталамі, проводжаны вялікім натоўпом людзей, збліжыўся да Віфаніі, насустрэчу вышла Марфа і з сумам сказала: „Каб Ты быў тут, ня памёр бы Лазар“. — „Уваскросьне брат твой!“ — сказаў ёй на гэта Хрыстос.

Хутка прыбегла Марыя, і з плачам кінулася да ног Іісуса. Заплакаў і Ён, але, хутка запанаваўшы над сабою, спытаўся ў сёстраў: дзе вы палажылі яго? Яны сказалі дзе, і дадалі: „Пайдзі й паглядзі“. Хрыстос пашоў з сёстрамі Лазара да пячоры, у якой быў пахаваны Лазар. Народ ішоў сьледам за Хрыстом, вычуваючы нейкае нязвычайнае здарэньне. Падашлі да магілы. Гасподзь загадаў зьняць камень, прывалены да ўваходу ў пячору. Марфа хацела ўстрымаць Яго, кажучы, што чатыры дні ляжыць Лазар і нядобры дух ідзе ўжо ад яго. Аднак Гасподзь сказаў ёй: «Я казаў табе, калі будзеш верыць, дык угледзіш славу Божу».