Старонка:Першая навука Закону Божага (1936).pdf/121

Гэта старонка не была вычытаная

Вобраз страшнага суду Божага.

Аб апошнім судзе вялікім Сваім Іісус Хрыстос вучыў так: „Калі прыйдзе Сын Чалавечы ў славе Сваёй і ўсе сьвятыя ангелы з Ім, тады сядзе на пасадзе славы Свае, і зьбяруцца перад Ім усе народы: і аддзеліць адных ад другіх, як пастух аддзяляе оўцы ад казлоў: і паставіць оўцы (праведных) на правы ад Сябе бок, а казлы (грэшнікаў) на левы“. І скажа Цар тым, якія на правы бок ад Яго: «Прыдзеце, багаслаўлёныя Айца Майго, насьледуйце Царства, прыгатованае вам ад стварэньня сьвету, бо Я хацеў есьці, і вы далі мне (есьці); Я хацеў піць, і вы напаілі Мяне; Я быў у дарозе і вы прынялі Мяне; быў нагі і вы апранулі Мяне; быў хворы і вы наведаліся да Мяне; у вастрозе быў, і вы прыйшлі да Мяне». Тады праведнікі скажуць Яму ў адказ: „Госпадзі! калі мы бачылі Цябе галодным і накармілі, ці прагнучым і напаілі? Калі мы бачылі Цябе ў дарозе і прынялі? або нагім і апранулі? Калі мы бачылі Цябе хворым або ў вастрозе, і прыйшлі да Цябе?“ І адкажа Ім Цар: „Узапраўды кажу вам: тое што зрабілі вы аднаму з братоў Маіх меншых, вы зрабілі Мне“. Пасьля гэтага скажа тым, што на левы бок ад Яго: „Ідзеце ад Мяне, праклятыя, у вагонь вечны, прыгатованы д’яблу і слугам яго, бо Я быў галодны і вы не далі мне есьці; хацеў піць і не напаілі Мяне; быў у дарозе, і не прынялі Мяне; быў нагі і не апранулі Мяне; хварэў і ў вастрозе, — і не наведаліся да Мяне“. Тады яны скажуць Яму: „Госпадзі! калі мы бачылі Цябе галодным, або прагнучым, або падарожным, або голым, або хворым ці ў вастрозе — і не паслужылі Табе?“ Тады адкажа ім: „Узапраўды кажу вам: як не зрабілі гэтага аднаму з братоў маіх меншых, дык не зрабілі Мне“. І пайдуць гэтыя на муку вечную, а праведнікі ў жыцьцё вечнае.

Кончыў Сваё навучаньне Хрыстос сумным, але ўжо ня раз гавораным прадказаньнем, што раней за ўсё будуць Ягоныя мукі і сьмерць. Гасподзь цяпер ясна паказаў нават самы спосаб яе і дзень: „Вы ведаеце, сказаў Хрыстос, што праз два дні будзе Пасха, і Сын Чалавечы будзе выданы на расьпяцьце“.