Старонка:Першая навука Закону Божага (1936).pdf/139

Гэта старонка не была вычытаная

ПРАВАСЛАЎНАЯ ВЕРА.

Богу дзякаваць, вера нашая Хрысьціянская, Праваслаўная разышлася амаль не па ўсім сьвеце. І мы павінны шанаваць яе і любіць Бога і Царкву Праваслаўную больш за ўсё ў жыцьці, хоць-бы трэба было памучыцца і ўмерці за яе ад бязбожных людзей.
Мы называемся хрысьціянамі таму, што верым у Госпада нашага Іисуса Хрыста, Сына Божага, і ўсім сэрцам прымаем сьвяты закон Яго.
Мы завёмся праваслаўнымі хрысьціянамі, бо верым у Бога і славім Яго правільна, праўдзіва, як навучылі нас верыць Сьвятыя Апосталы, як пастанавілі Сусьветныя Саборы, Сьвятыя Айцы і Вучыцялі Царкоўныя.
Але ёсьць хрысьціяне, якія няправільна вераць у Бога, якія шмат у чым адступілі ад навукі Хрыстовай і перанялі звычаі, нязгодныя з пераказам Адзінай, Сьвятой, Сусьветнай і Апостальскай Царквы. Яны завуцца іншавернымі хрысьціянамі. Каб адвярнуць іншаверных, альбо іншаслаўных хрысьціян ад памылак, Сьвятая Праваслаўная Царква адгаварвала іх, намаўляла, пераконвала, але яны, ў гордасьці сваёй, не захацелі пакаяцца, ды далей упіраліся. Тады Царква, згодна з словам Божым, адлучыла іх ад сябе.
Навучыцца праўдзівай веры найлепш цераз Сімвал (знак) веры, бо гэта ёсьць кароткі і ясны выклад таго, як павінен верыць праваслаўны хрысьціянін (Знак веры зьмешчаны ў гэтай кніжцы на стр. 42-47).
Сімвал зложаны Сьвятымі Айцамі Першага і Другога Сусьветных Сабораў.
Сусьветны Сабор ёсьць сабраньне Архіпастыраў (Архірэяў-Епіскапаў), Пастыраў і Вучыцялёў Царквы хрысьціянскай, па магчымасьці з усяго сьвету, для зацьверджаньня праўдзівага вучэньня і перасьцярогі верных перад памылкамі.