Старонка:Першая навука Закону Божага (1936).pdf/140

Гэта старонка не была вычытаная

Апрача веры, ад хрысьціяніна вымагаецца яшчэ любоў да Бога і блізкіх. Навучыцца любіць Бога і людзей можна з дзесяцёх Запаведзяў Божых (яны надрукованы ў гэтай кніжцы на стр. 47-50).
Запаведзь — значыць: загад, вымаганьне.
Дзесяць Запаведзяў даў Бог яўрэям цераз Майсея у пяцьдзясяты дзень па выхадзе іх з Эгіпту; напісаны былі запаведзі на дзьвёх каменных дошках або скрыжалях і дадзены на гары Сынаі, у громе і маланцы, пры трубных гуках. На аднэй дошцы былі напісаны першыя чатыры Запаведзі аб любові да Бога, а на другой шэсьць іншых запаведзяў аб любові да бліжніх.
Без выпаўненьня гэтых Запаведзяў Закону Божага немагчыма дагадзіць Богу і атрымаць спасеньне.

Праваслаўная навука аб Богу ў Тройцы Сьвятой.

Мы ўжо ведаем, што Бог ёсьць Дух бесьцялесны, вечны, усемагутны, ўсяведаючы, усюдысушчы, Тварэц неба і зямлі, ангелаў і людзей, усяго, што бачым і чаго ня бачым. Мы знаем такжа, што Бог адзіны ў істоце Сваёй, але троічны ў асобах: першая асоба — Бог Ацец, другая — Бог Сын, трэцяя — Бог Дух Сьвяты (Глядзі гутарку аб Богу на стр. 27, 28 гэтай кніжкі).
Гэтыя тры асобы разам называюцца Трыадзіным Богам, або Прасьвятою Тройцаю адзінаістотнаю і неразьдзельнаю.
Тры Асобы Божых — зусім роўныя па дастойнасьці Сваёй: ніхто з Іх ані большы, ані меншы. Усе Яны маюць адныя і тыя-ж Божыі дасканаласьці, аднолькавую сілу, волю, чэсьць і ўладу; а таму, як Бог Ацец ёсьць ісьціны Бог, так і Бог Сын ёсьць ісьціны Бог, і Бог Дух Сьвяты ёсьць, таксама, ісьціны Бог, аднак ня тры праўдзівыя Багі, але адзіны праўдзівы Бог.
Аддаючы Божую пашану Айцу, Сыну і Сьвятому Духу, мы пакланяемся Ім не як тром асобным Багом, але як адзінаму Богу, у Тройцы славімаму. Людзі ня могуць зразумець, як гэта Бог Ацец, Бог Сын і Бог Дух Сьвяты ёсьць адзін Бог; гэта вышэй розуму чалавечага, гэта тайна Божая, і ў праўду гэтую мы павінны толькі верыць, па загаду Самога Бога.