Старонка:Першая навука Закону Божага (1936).pdf/153

Гэта старонка не была вычытаная

жыцьцё і знаньне Сьв. Пісаньня быў высьвячаны на Епіскапа. Праходзячы яшчэ перад гэтым служэньне сьвяшчэньніцкае, як і ў сане Епіскапскім, Іоанн часта і красамоўна гаварыў пропаведзі, заклікаючы ў іх слухачоў сваіх да цьвёрдай веры, вымагаючы міласэрдзя і іншых добрых дзел. Сьмела ганячы грахі сучаснага грамадзянства — прагавітасьць (лакомасьць) і скупасьць багатых, пыху, ганарыстасьць, роскаш, ахвоту да гулянак — Сьв. Іоанн нажыў сабе ворагаў, якія зрабілі яму шмат прыкрасьцяў, дабіўшыся высылкі яго, на старасьць, у глухі далёкі край; па дарозе ён у 407 г. аддаў Богу душу.
Сьв. Іоанн напісаў многа карысных кніжак; працаваў таксама над складаньнем малітваў царкоўных і песьняў. Злажыў Сьв. Літургію. За красамоўства ў пропаведзях названы «Залатавусным».

Памяць сьвяткуецца 30 студня і 13 лістапада ст. ст.

Сьв. Мікалай, Архіепіскап Мірлікійскі, Чудатворац.

Сьв. Мікалай, Архіепіскап Мірлікійскі, Чудатворац, з дзяцінства і да сьмерці праводзіў набожнае і строгае жыцьцё. Стаўшы Епіскапам, быў ціхі, міласьцівы і спагадлівы; і яўна і тайна памагаў бедным і бараніў нявінна пакрыўджаных. Быў прысутным на 1 Сусьветным Саборы, зацята баронячы Праваслаўную веру. Па малітвах яго тварылася многа чудаў. Памёр ў 342 г. Мошчы Сьвяціцеля знаходзяцца ў месьце Бары ў Італіі. Праваслаўныя людзі шчыра паважаюць Сьв. Мікалая, лічачы яго заступнікам ў падарожах на сушы і на моры.

Памяць сьвяткуецца 9 мая і 6 сьнежня ст. ст.

Сьвв. Раўнаапостальныя Кірыл і Мяфод, Асьветнікі Славянаў.

Сьвятыя Раўнаапостальныя Кірыл і Мяфод, Вучыцелі Славянаў, родныя браты, славянскага паходжаньня. Яны злажылі славянскую азбуку, пераклалі з грэцкай на славянскую мову Сьвяшчэннае Пісаньне і царкоўныя кнігі, завялі ў славян багаслужэньне на іх роднай мове.