Старонка:Першая навука Закону Божага (1936).pdf/154

Гэта старонка не была вычытаная

Сьв. Кірыл памёр ў 869 годзе ў Рыме, а Сьв. Мяфод — ў 885 годзе, будучы Архіепіскапам Мараўскім. За малітвамі Сьвв. Кірыла і Мяфода, ў дзень іх сьвяткаваньня, ў 1875 г. Холмскія грэка-уніяты злучыліся з Праваслаўнаю Царквою.
Памяць іх сьвяткуецца 11—24 траўня.

Хрышчэньне Русі і пашырэньне ў ёй Хрысьціянства.

Хрысьціянская вера дасталася на Русь у дзевятым сталецьці[1]. Княгіня Вольга, гледзячы на чыстае і набожнае жыцьцё хрысьціян, палюбіла іх веру і хрысьцілася ў Канстантынопалі. Але асьвяціць Русь вераю Хрысьціянскаю суджана было толькі яе ўнуку, князю Уладзіміру. Уладзімір бачыў недарэчнасьць паганскай веры і стаў думаць аб іншай, лепшай. Татары, жыды, немцы і грэкі прысылалі да яго сваіх прапаведнікаў. Князь каб даведацца на месцы, чыя вера лепшая, выправіў да іх пасланцоў. Вярнуўшыся, яны сказалі: «Закон татарскі брыдкі; ня бачылі хараства мы і ў немцаў; калі-ж былі ў царкве ў грэкаў, дык ня ведалі, дзе мы знаходімся; на небе ці на зямлі, бо няма на зямлі такой прыгожасьці. Хто скаштуе салодкага, не захоча горкага, так і мы — ня хочам іншай веры». Князь і баяры парашылі прыняць веру грэцкую, Праваслаўную.
На другі год пасьля гэтага (ў 988 г.) Уладзімір пайшоў вайною на грэкаў, забраў іх горад Хэрсанес і дамагаўся ад грэцкіх цароў аддачы за яго замуж сястры іх Ганны. Яны абяцалі, пад ўмоваю, калі Уладзімір прыме іх веру. Уладзімір хрысьціўся і ажыніўся з Ганнай. Ён атрымаў ад Грэкаў Мітрапаліта, шэсьць Епіскапаў, шмат сьвяшчэньнікаў і ўсё патрэбнае для багаслужэньня.
Вярнуўшыся ў Кіеў, Уладзімір хрысьціў сваіх сыноў, а пасьля і народ. Ідалаў паганскіх казаў ён зьнішчыць, а на мясцох, дзе яны стаялі, загадаў будаваць хрысьціянскія храмы.

  1. Першымі з рускіх хрысьціліся князі Аскольд і Дір у 867 годзе.