Старонка:Першая навука Закону Божага (1936).pdf/166

Гэта старонка не была вычытаная

Ад усяе гэтае небясьпекі праваслаўныя, як маглі, бараніліся. Бараніліся праз суды, праз паслоў у Сойме польскім і г. д. Асабліва доўга і моцна бараніліся царкоўныя брацтвы, апіраючыся перш за усё на беларускае селянства і вернае Праваслаўнай Царкве вясковае духавенства. Ня гледзячы на прыгон, беларуская вёска выказала найбольшую цьвёрдасьць і адданасьць веры сваіх дзядоў і прадзедаў.

XIX і XX век у гісторыі Беларускае Праваслаўнае Царквы.

З пачаткам XIX веку Праваслаўе на Беларусі ізноў патроху ажывае і набіраецца сілы: узнаўляюцца епіскапскія кафэдры, зварочваюцца перайшоўшыя да вуніятаў цэрквы і манастыры, з іхняю маемасьцяй. Народ масамі — калі дабравольна, а калі пад прымусам варочаўся з вуні ў Царкву Праваслаўную, як-то было ў 1791—1792 г.г., у 1839 г. і інш. Да самай вялікай вайны (1914 г.) Праваслаўнай Царкве на Беларусі нішто не перашкаджала існаваць і разьвівацца. Адно толькі — было забаронена друкаваць на беларускай мове кніжкі, ужываць беларускую мову ў пропаведзях, пры выкладаньні ў школах Закону Божага і інш. Пасьля вайны, якая Рыскім трактатам падзяліла Беларусь на дзьве часьці, Праваслаўе спаткаў неаднолькавы лёс: ува Усходняй Беларусі Праваслаўная Вера, як і наагул усялякая рэлігія, прасьледуецца, хаця ёсьць там і цэрквы і духавенства (пазбаўленае правоў), а ў Заходняй Беларусі (пад Польшчай) Праваслаўная Царква існуе свабодна. Ёсьць пяць Праваслаўных епархіяў, ёсьць сярэднія і вышэйшая школа для падгатоўкі маладых сьвяшчэньнікаў. Духавенства карыстаецца правамі і мае матар’яльнае падтрыманьне ад ураду. У апошнія гады набывае сабе больш і больш прызнаньня ў царкоўным жыцьці беларуская мова.

З 1925 году Праваслаўная Царква ў Польшчы, раней падпарадкаваная Маскоўскаму Патрыарху, ўрачыста была аб’яўлена Аўтакефальнай, г. зн. незалежнаю ў сваім унутраным жыцьці і кіраўніцтве, аднак у пэўных выпадках падпарадкаванаю Канстантынопальскаму Патрыарху. На чале сучаснай Праваслаўнай Іерархіі ў Польшчы стаіць Яго Блажэнства, Мітрапаліт Дзіянісі.