Старонка:Першыя людзі на месяцы.pdf/142

Гэта старонка была вычытаная

Ён перапыніў мяне і ўспомніў мае ранейшыя растлумачэньні:

— Але вы сказалі, што людзі кіруюць, — настойваў ён.

— Так, да вядомай ступені, — сказаў я, і адчуў, што туман маіх тлумачэньняў згушчаецца.

Ён зноў запытаў у мяне:

— Вы хочаце сказаць, што ўладара зямлі ня існуе?

Я растлумачыў яму, што аўтократы і каралі, з якімі чалавецтву даводзілася мець справу на зямлі, скончылі сваё існаваньне ад нястрыманасьці сваіх заган, або іх жыцьцё спынялася гвалтоўным чынам; што самая шматлікая і ўплывовая частка земнага насельніцтва, англа-саксы, да якіх належу я, ня думаюць паўтараць такіх досьледаў.

— Але, запытаў ён, — як-жа вы ахоўваеце вашы крупінкі мудрасьці?

Я растлумачыў яму, як мы свайму абмежаванаму розуму дапамагаем кніжкамі, бібліотэкамі. Я расказаў яму, як нашы навукі паступова разьвіваюцца, дзякуючы аб’яднанай працы многіх маленькіх людзей. На гэта ён заўважыў, што людзі, ня гледзячы на іх соцыяльнае адзічаньне, шмат чаго ведаюць, — інакш яны не маглі-б трапіць на месяц. Аднак, розьніца вельмі вялікая. Селяніты, па меры набыцьця ведаў, растуць і зьмяняюцца; людзі кладуць веды каля сябе і застаюцца неразумнымі жывёламі.