Старонка:Першыя людзі на месяцы.pdf/68

Старонка праверана

напрыклад, ніхто не паказвае… Я зараз успомніў адзін цікавы артыкул профэсара Гольтона. Там ён падрабязна разьвівае думку аб магчымасьці зносін паміж плянэтамі. Раней за ўсё трэба пакарыстацца геомэтрыяй. Узяць, напрыклад, якую-небудзь нескладаную тэорэму і шляхам конструкцыі паказаць, што яна нам добра вядома. Напрыклад, карысна давесьці, што два куты, якія прылягаюць да асновы раўнаплечнага трыкутніка, роўны паміж сабою. Потым можна працягнуць роўныя бакі трыкутніка і паказаць, што куты, якія стварыліся на другім баку асновы, таксама роўны паміж сабою. Карысна начарціць і давесьці тэорэму Пітагора: квадрат гіпотэнузы прастакутнага трыкутніка роўны суме квадрату абодвых катэтаў і г. д.

У гэты час цемру зноў прарэзала паласа сіняватага колеру. Дзьверы адчыніліся і да нас ціха ўвайшло некалькі селянітаў. Двое з іх несьлі па вялікай талерцы. Гэта выразна даводзіла, што для іх ня былі невядомы хоць-бы самыя простыя чалавечыя патрэбы. Талеркі былі зроблены з таго-ж мэталю, з якога былі зроблены і нашы кайданы, і ў кожнай талерцы ляжалі кавалкі нейкай белай матэрыі, якая мела сітавідную пабудову, накшталт сьцюдзёнага «суфле», белесавата-цынамонавага колеру і пахла грыбамі. Пазьней я даведаўся, што гэта быў лепшы харч селяніта — мяса месячнай каровы.

Мае рукі былі скуты настолькі моцна, што я ніяк ня мог захапіць кавалак ежы. Селяніты, бачучы мае па-