Старонка:Першыя людзі на месяцы.pdf/77

Старонка праверана

сьцен іскрыліся нейкія крышталі, магчыма каштоўныя каменьні. Часамі тунэль пашыраўся ў сталактытавыя пячоры, ці ад яго адыходзілі адгаліненьні, якія губіліся ў цемры.

Мы ішлі па тунэлі доўга. Апрача гулу ад нашых крокаў, цішыня парушалася толькі мяккімі гукамі пераліваньня вадкага сьвятла:

— Ціп… ціп… ціп…

Слабае асьвятленьне давалі толькі ніці струменячай па трубах, уздоўж сьцен, таямнічай блакітнай матэрыі.

Я адчуў, што мне не хапае паветра для дыханьня, і сказаў:

— Урэшце, мы з вамі задохнемся ў гэтых пячорах!.. Бяз сонца, без паветра…

— Я гэтага ня думаю. Тут, як відаць, добра наладжана вэнтыляцыя. Чыстае паветра наганяецца з той часткі месяца, які неасьветлен сонцам, а выдыхнутая вуглякіслата выцякае туды, дзе сьвеціць сонца. Гэтым часткова тлумачыцца і шпаркае разьвіцьцё расьлін на паверхні. Напрыклад, у гэтым тунэлі адчуваецца рух сьвежага паветра. Дзіўны сьвет! Дзіўнае прыстасаваньне! Усе гэтыя машыны, спосаб асьвятленьня…

Кавор тады гаварыў амаль што бесьперапынку, і я цяпер ня памятую ўсіх яго разважаньняў. Між тым, тунэль, па якім мы ішлі, усё больш і больш пашыраўся. Адчувалася, што мы набліжаемся да вялізарнага прастору. Мы не маглі бачыць далёка ўперад, бо