Старонка:Першыя людзі на месяцы.pdf/79

Гэта старонка была вычытаная

— Я не зраблю па ім і трох крокаў, — сказаў Кавор, — нават з вольнымі рукамі.

Мы бяздапаможна глядзелі адзін аднаму ў вочы.

— Яны, напэўна, ня ведаюць, што такое галавакруженьне!

— Мы зусім ня можам прайсьці па гэтай дошцы.

— Я думаю, што ў іх зрок зусім іншы, чым у нас. Я наглядаў за імі. Яны не разумеюць, што мы амаль што нічога ня бачым у гэтай цемры.

— Мы павінны аб’ясьніцца з імі!

Два селяніты ўзялі мяне за плечы і пачалі далікатна пасоўваць на дошку.

Я заківаў галавой і сказаў:

— Не пайду. Я не магу ісьці. Я звалюся.

Тады трэці селяніт пачаў піхаць уперад сілаю.

Я зьвярнуўся да селянітаў:

— Паслухайце! Так нельга! Нельга піхацца, калі…

Я крыкнуў і шпарка абярнуўся, бо адзін з селянітаў вельмі балюча кальнуў мяне сваім сьпічаком. Я вырваўся з рук селянітаў і крыкнуў таму, які мяне кальнуў:

— Ты, пачвара! Я-ж казаў, каб вы не калоліся!

У адказ ён зноў кальнуў мяне, і на гэты раз яшчэ больш балюча. У гэты момант я аслабаніў адну руку, і, разам з тым, я аслабаніўся ад усякіх меркаваньняў, якія стрымлівалі мае парывы раней. Мяне ахапіла становішча вар’яцтва. Я шпарка накруціў ланцуг на руку, якая заставалася скаванай, і ўдарыў ім па твары селяніта, які скрыўдзіў мяне.