З кожным нашым крокам сьвятло рабілася выразьней. Хутка яно было такое самае яркае, як сьвятлістыя ногі Кавора. Ужо можна было адрозьніць сьцены. Тунэль, па якім мы ішлі, рассунуўся ў пячору. Сьвятло лілося з гары праз адтуліну, якая знаходзілася ў самым вугле.
Праз некалькі сэкунд мы ужо стаялі ў паласе сьвятла, якое ішло з гары, са шчыліны паміж сьценак.
Кавор узьняў мяне бяз усякай натугі, як хлапчука, на гару. Я намацаў рукамі паглыбленьне ў скале і зусім лёгка ўзьняўся на руках.
Выявілася, што ўгары шчыліна робіцца шырэйшаю і прымае форму лейкі. Вышэй было значна сьвятлей.
— Кавор! — крыкнуў я ўніз. — Паспрабуйце дастаць маю руку і лезьце сюды!
Я абапёрся каленкамі аб сьцены шчыліны і працягнуў уніз руку.
Кавор прысеў, рыхтуючыся скочыць. Потым ён павіс на маёй руцэ.
Я ўзьняў яго ўгару, і ён таксама замацаваўся ў шчыліне.
Мы шпарка палезьлі ўгору. Мінуты праз дзьве мая галава паказалася над краямі шчыліны.
Перад маімі вачыма адчынілася вялікая пячора няправільнай формы, і на яе пакатай падлозе ўзьні-