Старонка:Першыя людзі на месяцы.pdf/89

Гэта старонка была вычытаная

Мы былі літаральна прыціснуты да сьцяны. Заставаўся толькі адзін выхад — прарвацца скрозь натаўп разьнікоў. Зразумела, нам трэба было толькі ня траціць часу і дзейнічаць рашуча. Я бачыў, што натаўп селянітаў на другім канцы пячоры павялічваўся з кожнай сэкундай. У гэты час Кавор адскочыў ад крат і гучна крыкнуў:

— Я не магу... У іх ёсьць стрэльбы!

З-пад крат паказаўся худы і нязграбны селяніт, з нейкім складаным апаратам у руках. Ён спыніўся і, як відаць, пачаў меціцца. Рабіў ён гэта зусім дзіўна, прыкладаючы свой апарат да жывата.

Я гучна закрычаў, каб перашкодзіць меціцца, і кінуўся ўперад. Аднак, выявілася, што яго апарат зусім ня быў падобным на стрэльбу. Хутчэй за ўсё гэта быў складаны лук. У паветры пачуўся сьвіст, і ўсьлед за тым я адчуў лёгкі боль у плячы. Я не паваліўся, і боль быў вельмі нязначны, быццам нешта каўзнулася па маім целе. Я абмацаў плячо рукой. Выявілася, што там тырчэла нешта накшталт пікі. У наступнае імгненьне я падбег да крат, махнуў сваім вагаром, і ад ваяўнічага селяніта застаўся адзін успамін.

Я лёгка выцягнуў з пляча піку і пачаў працаваць скрозь краты. Пры кожным удары чуўся піск. Урэшце, я з усёй сілай кінуў піку ўніз, схапіў вагар і пабег да натаўпу, які сабраўся ў глыбіні пячоры. Мне здалося, што кожны мой скачок працягваецца вечнасьць. Пачуўся тупат Кавора, які пабег усьлед за мною.