Старонка:Першыя людзі на месяцы.pdf/95

Гэта старонка была вычытаная

ця расьлін, частка якіх ужо пасьпела засохнуць, ляндшафт зусім зьмяніўся. З каменнага грэбеню, на якім мы сядзелі, адчыніўся шырокі ландшафт на ваколіцу, пакрытую расьліннасьцю, якая цяпер, у канцы месячнага дня, хутка вяла і засыхала. Далёка раскінуліся цынамонавыя сенажаці, на якіх нядаўна пасьвіліся месячныя каровы, а ў далечы, залітыя сонечным сьвятлом, чарнелі і самыя каровы, якія былі цяпер адны.

Селянітаў цяпер ня было відаць. Магчыма, што пры нашым зьяўленьні яны схаваліся ва ўнутраныя тунэлі, ці, можа, яны заўсёды адыходзілі, выгнаўшы кароў на паверхню месяца.

— Як вы думаеце, колькі часу мы прабылі на месяцы? — спытаў у мяне Кавор.

— Ня больш двух земных дзён.

— Ня менш дзесяці! — рашуча сказаў ён. — Паглядзеце: сонца ўжо прайшло праз зеніт і хіліцца на захад.

— Але… мы-ж толькі два разы елі!

— Я ведаю. Справа ў тым, што мы знаходзімся зусім у асаблівых умовах. З гэтай прычыны зьмяніліся і ўсе адпраўленьні нашага організму.

— Дзесяць дзён… колькі-ж часу, па вашых разьліках, нам давядзецца зноў прабыць унізе, калі мы цяпер ня знойдзем балёну?

— Каля чатырнаццаці дзён.

— Значыць, цяпер праз чатыры дні павінна надыйсьці ноч?