Старонка:Першы паўстанак (1925).pdf/19

Гэта старонка не была вычытаная

што я ў клюбе ня быў, а разгульваў па вуліцы… будуць сьмяяцца, надкпіваць?..

— Што мне рабіць? — Трэба зрабіць!

— Я разьвітаўся з сябром і зноў павярнуў да клюбу. Не дашоў я да яго яшчэ крокаў за сто, як у мяне зноў пачало ўсё дрыжэць.

— Цяпер нічога ня выйдзе: N не заб‘ю, а толькі сябе загублю, — падумаў я пра сябе й зьвярнуў за перавулак на другую вуліцу…

— А недарэчныя думкі, тымчасам, як зданьні якія, цэлай грамадою лезьлі ў галаву адна цераз другую, спатыкаліся, абрываліся й зноў надакучліва лезьлі, прыставалі…

— Хацелася ад самога сябе ўцякаць, але ня было куды!..

— Ну, што я за чалавек? Нікудышка! Гэрой!.. Ха-ха-ха! — жаліла сэрца, труціла кроў.

— Цераз тыдзень я ўжо насіў пагоны з белай стужачкай наўкол. На душы паспакайнела, падчас нават весела станавілася, асабліва, калі вуха лавіла звон толькі што надзетых шпор, а вока — пералівы сонечных праменьняў у бліскучых дасканала вычышчаных гузіках.

— Людзкаваўся я нядоўга: скора мяне адправілі на позыцыю, дзе я ўсё і згубіў, а ўвосень бальшавікі чуць галавы не зьнялі замест пагонаў. Ня было куды дзецца, і я застаўся служыць у Чырвонай арміі (да бацькі ехаць не хацелася). Спачатку сумнавата было,