Старонка:Першы паўстанак (1925).pdf/37

Гэта старонка не была вычытаная

— Эх, прапаў я мальчышка! — гукнуў Адам Арцёмавіч пасьля невялічкае перадышкі. — Мае сябры ў тысячу раз большыя контррэволюцыянэры, чым я, папрымошчваліся і служаць. Але я ім не зайздрошчу! Падлізвацца толькі ім па плячу! А я — сканаю з голаду, а прасіцца дый яшчэ гнуцца — не пайду! Яны інакшыя людзі: хоць у патрэбнасьці сваіх жыватоў вераць, а я дык і ў гэта ня веру…

Зычны гудок устрасануў паветра. Я падышоў да вакна. Туманна-сінія праменьні месяца затапілі, залілі нямыя абшары. Смуглыя далі маўчалі і хмурыліся. Як з-пад зямлі, перад вачыма ўставалі пералескі, палеткі, сьцішна панурыя вёскі, высокія амярцьвеўшыя таполі. З поўначы падуў востры, наскрозь пранізуючы сівер. Я сеў зноў на лавачку і закурыў.

Адам Арцёмавіч ляжаў насупроць мяне, закрыўшы рукамі твар. Па ўсім было відаць, што ён змагаўся з сьлязьмі.

Мільёнам агнёвых вачэй глянуў з далі Менск. Падарожнікі ў вагоне заварушыліся.

— Ну што вы можаце сказаць пра мяне, праслухаўшы ўсё, што я вам расказаў? — запытаўся ў мяне кволым голасам Адам Арцёмавіч, — хто я такі?

— Гніль! — раздаўся зьверху задорны юнацкі голас, — ты быўшы чалавек, зданьнё пятнаццатага сталецьця!