Старонка:Першы паўстанак (1925).pdf/39

Гэта старонка не была вычытаная

ВЫРВАЛАСЯ

Была цёмная асеньняя ноч. Цадзіў дождж. У цёмных закавулках няпрыглядненькага мястэчка Б… жудасна плакаў вецер.

Часамі ён, як няпрытомны, хапаў наляту ахапак брызг, кідаў яго ў шыбы заплаканых акон, адскакваў назад і дзіка-ўтрапёна рагатаў.

Дзе-ні-дзе пастуквалі няпрычыненыя вароты, каліткі; дзіка павізгвалі жалезам завес акеніцы.

З далю плылі палахліва-неспакойныя — выцьцё і брахня сабак, напалоханых навальніцаю.

Хвілінамі, калі сьціхаў на момант вецер, чуўся маркотны аднатонны шум вады, што сьцякала з дахаў. Здавалася, што вада аб чымсь патаемна перашэптвалася з непрагляднаю цемраю… А цемра, як асеньні туман, цяжка варушылася ў гразных завулках і нізінах, чаплялася па дахах хат, па платох…

Непагодзе, здавалася, ніколі й канца ня будзе…