Каця нічога не адказала. Гаварыць з бацькам нельга было; з ім можна было цяпер толькі сварыцца. А ў сёнешні вечар гэтага Каця якраз зусім не хацела. Рашылася зносіць усё моўчкі: усё роўна апошні раз.
Такое ўстрыманьне дачкі яшчэ больш сярдзіла бацьку. У яе маўчаньні ён знаходзіў сабе пацьверджаньне сваім апаскам, — што Каця кінула Колю і закахалася, „ў гэтага хабаля“.
Прышла дадому матка.
Каця паставіла на шкапчык самавар, і ўсе ўтраіх пачалі піць чай. (Каця ў сваіх бацькоў была адзінаю).
Але вот гады! — раптам сярдзіта пачала матка, нібы яшчэ лаялася яна з кім, — проста яны нас, каб прымелі, дык на ражне сьпяклі-б!..
— Што?.. — суха запытаў стары.
— Пашла я к Васілёвым, а туды зараз-жа прыбягае і Пракопіха… Але й выжміньдзіць, і ўкусіць, і заліжа, і зноў… І з аднаго боку зойдзе, і з другога!.. Вот не перапрэглася-б ты!.. Але-ж такая гадзюка!.. Брала, брала — нічога! дык і пра Кацю пачне, і пра Колю!.. Я цярпела, цярпела, але-ж калі ўзялася ўрэшце, дык вылаяла, як суку, на нішто збэсьціла!..
Стары Бельскі насупіўшыся маўчаў. Каця таксама нічога не гаварыла. Матка пытліва зьмерыла іх абаіх вачыма.