— Што гэта ў вас? Чаго ты такая смутная? — зьвярнулася яна да дачкі.
— Нічога… Так сабе…
— Як гэта так?..
— Ат…
— Басяк нейкі ёй ліст прынёс, дык… — сказаў бацька.
— Авэй, халера, можа ад Колі пісулька, а ты ўжо прычапіўся?.. Уй!..
— Якое там ад Колі… Нейкі комуністы, салдат прынёс… З рэвольвэрам…
— Ад каго? — запыталася матка ў дачкі.
— Ад Колі, — зманіла Каця, па твары яе прабегла хітрая ўсьмешка.
— Дай сюды.
Каця спакойна ўстала з крэсла, дастала з кніжкі сакрэтку і на вачох мацеры разарвала яе на дробненькія кавалачкі.
Едавіта захіхікаў бацька, як-бы надкпіваючы з жонкі. Апошняя зьбялела, закусіла губу. Момантаў пяць пільна ўглядалася ў дачку.
— У-гу… — толькі буркнула яна сабе пад нос і хутка пачала дапіваць з шклянкі чай.
Каця зноў прысела к сталу.
— Дык ты ўжо з Колем ня ладзіш? — зусім мякка, як ні ў чым ня бывала, спачуваюча-ласкава запыталася ў яе матка.
Політыку й заходы маткі Каця ўжо добра ведала.