Каця едка ўсьміхнулася. Па твары ў яе прабегла дрож. Матка сьпешна вышла ў кухню. Стары палез на печ.
Хтось зьлёгку пастукаў у шыбу.
— Ну, шчасьце тваё! — пагразілася на Кацю матка, вярнуўшыся ў сталовую, — ідзі, адчыні: бадай Коля стукае! Каця пашла адчыніць дзьверы, а матка кінулася ўбіраць са стала і потым замятаць шкло ад разьбітых старым шклянак.
— Хто там?! — сярдзіта крыкнуў з печы бацька, заўважыўшы рух у хаце.
— Ціха!.. бадай Коля… — занепакоілася матка, — як табе ня сорам?
— Нашто абманваць чалавека; я яму сам скажу, што вы над ім кпінкі робіце, — пастрашыў Бельскі жонку.
— Ай, дурань, — усё будзе добра, толькі ты не мяшайся…
У пакой за Кацяй, прытрымліваючыся ўсіх умоўнасьцяй сапраўднага інтэлігэнта, увашоў Коля.
На ім была форма гімназістага старых дарэволюцыйных часоў.
Вясёла і ўважліва прывітаўся да ўсіх.
Матка Каці папрасіла яго сесьці і ўраз-жа падала яму лепшае крэсла (у знак пашаны), адзінае мяккае з усяго іх мэблю.
Усім стала лягчэй. Нават твар Каці і то прасьвятліўся.