— Ды што мне?.. Я могу хоць да 2-х начы сядзець.
— Зусім мяне ня радуе гэта: мне трэба сёньня абавязкова схадзіць у адно месца.
— Куды?..
— Гэта сакрэт.
— Ну, добра; дай пацалую на адходнае; ты сёньня такая прыгожанькая; пабляднела — гэта табе да твару…
— Адстаньце! — успыліла Каця.
— Што такое?..
— Каця хутка ўстала з крэсла. Пашла і апранулася.
— Вы ўжо? — спытаўся ў яе Коля.
— Так.
Цераз хвіліну быў і Коля гатоў. Затушылі лямпу. Ціханька вышлі з хаты.
На дварэ непагода ня ўнімалася. Панавала цемра. Як толькі Каця з Колем вышлі на двор іх зараз-жа вільготны вецер абсыпаў дажджом. Праз цемру чуць блішчэла гразь вуліцы. Па гаднікох аднак прыходзілася йсьці наўдагад; дзе-ні-дзе чуць блішчэлі электрычныя ліхтары.
— Ну-с, бывайце, — цьвёрдым тонам зьвярнулася Каця да кавалера.
— Ды што вы? Такая цемра?.. правяду, хоць трохі. Куды вы?
— Ня трэба праводзіць.