— Не! не яна! — рашыў ён, — гэта са мною так зрабілася!!!
У Колі па сьпіне прабег мароз; урэшце яго ахапіў жах.
— Што рабіць? Куды дзецца? — давілі яго думкі, — уцякаць?
Па ўсім целе прабегла дрож. Нясьмела ўсхапіўся на дрыжачыя ногі, і падаўся наперад.
Думкі не асьмельваліся капашыцца ў яго галаве.
Нашоў на частакол.
— Ці не звар‘яцеў я сёньня? дзе я хаджу?.. А? Вось — бяседка, а вось — клюб…
— Так… не пашло-б ты агнём!..
Нарэшце папаў на знаёмую вуліцу і паплёўся паволі дамоў.
Вецер сьціх. Хмары разагнала. З неба выглянулі сьветленькія зорачкі.
— Жыцьцё, — думаў пра сябе Коля, — няўжо я яшчэ буду жыць і жыць шчасьліва? — Усё можа быць, але гэта, бадай, ці здолею запамятаваць… божа… божа!..
Чорным вужам расьсякаў прасторы цягнік. Стагнала чыгунка. Рытмічна пяялі калёсы вагонаў. Агнёвым памялом круціліся ў паветры іскры… зіхацелі, адляталі, гасьлі…
Каці ня спалася. У галаве віхрыліся думкі. У грудзёх палаў пажар. „Хутчэй-бы прыехаць!“