Доўга я стаяў каля разьбітага вакна вагона і ўглядаўся ў абшары незнаёмае мне мясцовасьці.
— Выбачайце, таварыш, — зьвярнуўся да мяне незнаёмы мне падарожнік, што ехаў са мною ў аднэй каморачцы.
— Калі ласка.
— Ці ня маеце вы, часам, запалкі? — курыць хочацца.
— Ёсьць, — адказаў я і прысеў насупроць яго.
— Вы далёка куды едзеце? — запытаўся ён, выпусьціўшы ўжо к столі цэлую хмару дыму.
Я здавольніў яго цікавасьць. (У каморцы вагона мы з іу былі толькі ўдваёх).
— Выбачайце, — бойка наступаў на мяне незнаёмец, — вы студэнт, будзеце ці так?
Я адказаў і стаў яго разглядаць.
Перада мною сядзеў аграмадзіна хлопец, гадоў дваццаці шасьці. Крыху згорбленая фігура яго гаварыла аб аго фізычнай сіле, але чыста вымытыя, незапрацованыя рукі і нямы, некалькі мэлянхолічны твар, сьведчылі аб тым, што гэта асоба ня зусім з простых. Буйныя рысы яго твару, мяккі выгляд шэрых вачэй і выдатная лысіна з адкінутымі назад белакурымі валасамі — рабілі ўражаньне нездавальненьня, патаемнай пакуты і хворага неспакою. Досыць паношаная, але акуратная і яшчэ цэлая чырвонаармейская вопратка дапаўнялі ўсё папярэдняе.