Старонка:Першы паўстанак (1925).pdf/63

Гэта старонка не была вычытаная

У левай руцэ белая торбачка з хлебам, у правай — здаравенны кій. Цёмна-сівыя бровы сышліся разам.

Грозным успалёным поглядам уставіўся на дачку. Ніхто не парушаўся з месца. Усе былі заняты адным: чакалі, што будзе далей.

— Ступай дамоў!--разразіўся ўрэшце стары грамовым голасамі стукнуў аб землю кіем.

Усе маўчалі. Вера ўстала з крэсла; на сваім крыху паварушыўся Валодзя. Каця сядзела нярухома і пільна ўглядалася ў бацьку… Пабялела.

— Ступай дамоў, брадзяга! — усё так-жа грозна паўтарыў бацька.

— Не па-йду! — уздрыгнуўшы ад злосьці ўсім целам адказала Каця.

— Як-та ня пойдзеш?!

— Вот!.. Я рада, што вырвалася ад вас!

— Ты кажаш: „вырвалась“?! — Не! ня вырвалася! Ты яшчэ ў маіх руках!

— Няпраўда! Вырвалася!

— Маўчаць! — няпрытомна раўнуў стары Бельскі і кінуўся на дачку.

Валодзя схапіў яго ззаду за рукі. Стары хвілін некалькі, да апошніх сіл, змагаўся. Цяжка, хрыпла засопся… Нарэшце Валодзя пасадзіў яго на крэсла. Стары скрыгатнуў зубамі, закрыўся рукою і горка-нэрвова расплакаўся.