— Эх, загубілі вы мяне! — гаварыў Бельскі скрозь сьлёзы, — пашкадуй ты Кацю зьвярнуўся ён раптам да Валодзі, — ёй толькі яшчэ сямнаццаць год, дзіцё!
— Што ты, бацька?.. Мы яе аддалі ў школу!
— Ты яе хочаш узяць сабе, няпраўда?
— Да я ўжо жанаты!.. Што ты?.. На, паглядзі ў мае дакуманты!..
Стары паглядзеў.
Выпіў халоднае вады. Задумаўся. Каця ад перапалоху крыху прыабадрылася.
— Маніце вы ўсё! — зноў занепакоіўся і занэрваваўся Бельскі. — Зьбірайся дамоў!! Колькі раз табе казаць?! — ускінуўся ёй зноў на Кацю.
— Я вам ужо казала, што не пайду!
— Пойдзеш!
— Не!
— Пойдзеш!
— Не пайду!
— Праваліся ты скрозь зямлю!! — Ускрыкнуў нарэшце стары, усхапіўся з крэсла і пашоў за дзьверы, — кроў Колі хай падзе на тваю галаву!
Пашоў.
Старанна палыхкваючы, хутка калясаваў цягнік у Б.
У адным з вагонаў, апусьціўшы на грудзі сівую галаву, ехаў стары Бельскі.