Старонка:Песня пра цара.pdf/13

Старонка праверана

Як сасоначка, што ў сырым бару
Пад смалісты пад корань падсечана.
Тое ўбачыўшы, цар Іван Васільевіч
Прагневаўся гневам, топнуў вобземлю
І нахмурыў бровы чорныя;
Загадаў ён схапіць удалога купца,
Загадаў ён прывесці купца к сабе.

І прамовіў тут праваслаўны цар:
«Адкажы мне па праўдзе, па шчырасці,
Вольнай воляю альбо нехаця
Ты забіў на смерць майго вернага слугу,
Майго лепшага байца Кірыбеевіча?»

— Я скажу табе, праваслаўны цар:
Я забіў яго вольнай воляю,
А за што пра што — не скажу табе,
Скажу толькі богу адзінаму.
Загадай мяне казніць — адсячэ хай кат
Галаву маю павінную;
Не пакінь ты толькі дзетачак,
Не пакінь маладую ўдаву
Ды братоў маіх двух сваёй ласкаю…

«Ды не блага зрабіў ты, купецкі сын,
Удалы баец, добры моладзец,
Што адказ ты даў нам па шчырасці.
Жонку я тваю і сірот тваіх
Са сваёй казны абдару цяпер,
Загадаю братам тваім з сённяга
Па ўсяму царству рускаму шырокаму
Таргаваць без мыта, без подаці,
А ты сам ідзі, купецкі сын,
На высокае месца лобнае,
Складзі сваю буйную галовачку.
Я сякеру вялю натачыць-навастрыць,
Загадаю кату прыбраным быць,
У вялікі звон вялю біць-званіць, —
Няхай ведаюць людзі маскоўскія,
Што і ты не абдзелен маёй ласкаю…»