Старонка:Песьні на руінах (1929).pdf/105

Гэта старонка не была вычытаная

Такая нам трэба сягоньня турма,
Якая-б у сьценах сваіх акарэлых
Такою была-б, як жывому труна,
Каб можна было ў ёй чыніць і расстрэлы.

Ваш погляд на гэта пытаньне прашу, —
Я ўпэўнен, што будзе зусім ён дарэчы;
Я ўпэўнен, што ўцешыце словам душу,
Ня будзеце гэтакай справе пярэчыць.

ЛЕЙТЭНАНТ

Вядома, вядома — вітаема плян!
Згаджаюся быць я турмы мэцэнатам.
Як многа ў дзяржаве атрутлівых плям, —
Ці выведзем іх мы ў сталецьці дваццатым?

Проект архітэктар падасьць хай хутчэй, —
Мы з гэтым ані не павінны марудзіць.
Ня зловіма часу, калі уцячэ,
Ня возьмем яго мы тады ўжо за грудзі.

ВАЛАСЕНЬ

Я новую ў прэсе пастаўлю мішэнь, —
Абстрэлы па ёй будуць весьціся з тактам.
Конструкцыя гмаху на чорным клішэ
Ілюстрацыяй будзе на самым астатку.

ОТЭРО

Прыемна, прыемна, прыемна як мне!
Дарадцы, пытаньне апошняе стаўлю, —
Цэнзуру й поэтаў яно закране, —
Пачуцьці іх мусіць ацягвацца стальлю.