Старонка:Песьні на руінах (1929).pdf/108

Гэта старонка была вычытаная

Начальнік ня сьпіць, правярае пасты;
Завулак зацягнены згушчаным змрокам,
Завулак бязьлюдны, зьдзічэла-пусты, —
Здаецца, ад сырасьці й сьцены прамоклі.

Сягонешняй ноччу па ім правядуць
На сьмерць пакаранага тройцай Батуру.
Лісты у прыгоршчы загорнуць бяду
І кінуць яе на закляты падмурак.

Праходзіць тут будзе Матуля ў сьлязах, —
Аддаці вітаньне апошняе сыну.
Вятры будуць сьлед яе кожны лізаць,
Разьвейваць жалобную ў змроку хусьціну.


Дарога — заежджаны й гідасны вуж, —
Выбояў і колаў сумятная грыжа…
З дванаццатай… самая поўнач і глуш…
Аўто… лейтэнант… і канвой каля крыжа.

Турэмнае брамы прарэзьлівы рып…
Бражджаць ланцугі на нагах у Батуры:
Выводзяць яго канваіры аж тры;
Ад болю ён вочы зьнябытыя жмурыць.

Сівая матуля галосіць наўзрыд;
Праціснуцца хоча да сына як-небудзь.
Яе ня пушчаюць у зброі зьвяры, —
Ня хочуць яны яе слухаць і ведаць.