Старонка:Песьні на руінах (1929).pdf/109

Гэта старонка не была вычытаная

Шчапіла-ж ад роспачы рукі калі
І ўпала прад сынам сваім на калені,
Тады лейтэнант сам скамандаваў: плі!
І кулі прарэзалі змрок ашалелы.

Шчэ некалькі дадзена залпаў было…
Матуля ірвала ад жаху валосьсе;
Ад болю ёй дух у грудзёх заняло,
Ад болю жахлівага сэрца зайшлося.

За сына свайго яна слала праклён…
Ад болю суставы і жылы нямелі.
Над ёю схіліўся абшчыпаны клён, —
Лісты яго ўвосень яшчэ адшумелі.

Сабраўшы апошнія сілы свае,
Яна за аўто у бяспамяцьці бегла…
Прастор ад сузмроку зусім асавеў,
А зоры у хмары калматыя зьбеглі.


Аўто за прадмесьце Батуру імчыць,
Дзе хвояў зялёных шумяць верхавіны.
Аўто між журботна-пакутных лагчын…
Крывёй ацякаюць чаканьня хвіліны.

Маўчаць канваіры, ўсьцішаючы гнеў, —
Напіцца крыві чалавечае прагнуць;
Маўчыць лейтэнант — ён душой атрухлеў, —
На твары азызьлівым сьлюзная багна.