Старонка:Песьні на руінах (1929).pdf/115

Гэта старонка была вычытаная

∗     ∗

Сам ня знаю, што сягоньня я сыграю, —
Толькі струны ліры узьнімаюць граньне.
Параходы ў ходзе, падаюць сыгналы,
Хвалі размываюць цёс гранітных граняў.

Хвалі узьнімаюць на Няве трывогу,
Бы ў душы поэты гнеўныя усплёсы.
Як ня ўспомніць тут мне чорную дарогу
І свайго юнацтва дзень сьветлавалосы.

Зябка мне і сэрцу ў палітоне штацкім, —
Ўзьняўся вецер золкі на заліве Фінскім.
Я стаю ля сьценаў акадэміі мастацкай,
Прад вачмі маімі вяліканы сфінксы.

Ці ўзьвіецца дух мой творча-сакаліны?
І ці ўдасца толькі мне іх разгадаці?
Пралажылі людзі рэйсы-каляіны,
Пралажылі ўсюды: праз паветра й гаці.

Я-ж тулюся ў суме да самотных статуй,
І сьляза спадае на граніт і мармур.
Беларусь краіна, найміцай астатняй, —
Ў апранасе рванай днём і ноччу хмарнай.