Старонка:Песьні на руінах (1929).pdf/128

Гэта старонка была вычытаная

О, ЖОЎТАЛІСЬЦЕ МОЙ АСЕНЬНІ!

О, жоўталісьце мой асеньні,
Прышоў расцалаваць твой шум!
Не палажу я голаў ды на сене,
Пакуль ня выпяю табой душу.

Ня ведаю, чаму люблю так восень?
Не ў ідэолёгіі-ж тут рэч.
О, песьня, песьня звонкіх сосен,
Плыві да сонца насустрэч!

Яно ня ўцерпіць — прасьлязіцца
І сьлёзы закрышталяць у красе.
Люблю шушуканьне я лісьцяў,
Люблю іх шэлест нарасьпеў.

Люблю я пералівы іхніх тонаў, —
Ня вытканы ‘шчэ дэсань паясоў.
Маё сэрца ня было ў прытоне, —
Аддаю сягоньня ім усё.