Старонка:Песьні на руінах (1929).pdf/13

Гэта старонка не была вычытаная

ПЕСЬНЯ ВАЙНЫ

(1914—15)

I

Сагнаны пад зброю мільёны
Маўклівых, кастлявых людзей;
Імчацца на фронт эшалёны,
Імчацца, і ў ночы, і ў дзень.

У чорную нетру грукочуць
Адзін за адным наўздагон.
Пылаюць агністыя вочы
Налева, направа й кругом.

Узбурана мора людзкое;
Разгневаным валам гудзе…
Па рэйках адляскваюць колы,
Утома ў чыгуннай хадзе.

Закураны дымам вагоны
І пылам дарожным густым;
Ў шалёна-вар‘яцкім-разгоне
Вахтуюць, мінаюць масты.